ЛЬВО́ЎСКА-ВАЛЫ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.

У Львоўскай і Валынскай абласцях Украіны; паўд.-ўсх. замыканне Люблінскага вугальнага бас. (Польшча). Пл. прамысл. вугляноснасці 3,2 тыс. км2. Кам.-вуг. адклады на тэр. басейна складаюць Львоўскую мульду (магутнасць 630—1250 м); вугляносныя адклады візейскага, намюрскага і башкірскага ярусаў і тэрыгенна-карбанатныя бязвугальныя турнейскага яруса. Маюць адпаведна 1, 10 і 4 рабочыя пласты вугалю магутнасцю 0,7—1,2 м. Глыб. залягання 250—750 м. Геал. запасы вугалю 2,1 млрд. т. Вуглі маркі Д, Г, ГЖ і Ж. Цеплыня згарання каля 21,5 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1954 шахтавым спосабам. Асн. цэнтры здабычы: гарады Новавалынск, Чырванаград, Сакаль, Белз.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)